2 жніўня 2026 года аграгарадок Морач Клецкага раёна стаў цэнтрам прыцягнення для захавальнікаў народных традыцый.
Тут прайшоў IV рэгіянальны фестываль-кірмаш традыцыйных мастацкіх рамёстваў «Кірмаш рамёстваў», які аб'яднаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, аматараў народнай творчасці і шматлікіх гасцей свята.
Свята майстэрства і традыцый
Фестываль стаў сапраўдным святам беларускіх рамёстваў. На выставачных пляцоўках былі прадстаўлены работы па наступных накірунках дзейнасці: разьба па дрэве, саломапляценне, лозапляценне, ганчарства, ткацтва, вышыўка, выцінанка і іншыя традыцыйныя віды народнага мастацтва. Наведвальнікі мелі магчымасць не толькі пазнаёміцца з работамі майстроў, але і ўбачыць сакрэты іх стварэння, прыняць удзел у майстар-класах і акунуцца ў атмасферу жывой народнай культуры.
Свае вырабы прадставілі майстры з 12 раёнаў Мінскай вобласці: Барысаўскага, Вілейскага, Дзяржынскага, Клецкага, Пухавіцкага, Салігорскага, Слуцкага, Чэрвеньскага, Нясвіжскага, Капыльскага, Старадарожскага і Валожынскага.

Урачыстае адкрыццё
Свята пачалося з шэсця майстроў пад народныя мелодыі. Вядучая абвясціла аб адкрыцці фестывалю, пасля чаго прагучаў Гімн Рэспублікі Беларусь. З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў і гасцей звярнуліся ганаровыя госці:
- Хмель Таццяна Мікалаеўна, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта;
- Сахута Яўген Міхайлавіч, беларускі мастацтвазнаўца, этнолаг, доктар, прафесар;
- Сухавей Наталля Міхайлаўна, старшыня Клецкага раённага Савета дэпутатаў.
Канцэртная праграма
Для гасцей фестывалю выступілі народны ансамбль народнай песні «Весялуха», ансамбль народнай песні «Лазінка», народны хор Морацкага сельскага дома культуры імя заслужанага работніка культуры Яўгеніі Ніканаўны Піліпеня, народны вакальны ансамбль «Бацькаўшчына». Сапраўдным упрыгожаннем канцэрта стала выступленне фіналісткі тэлевізійнага шоу-конкурсу «Фактор BY. Дзеці» Вікторыі Бадытчык.
Багатая забаўляльная праграма
Для ўсіх жадаючых працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі: дзіцячая гульнёвая праграма «Кола весялосці», забава «Чыгуны», караоке-шоу «Фолк&спевы», жывая фотазона «Стылізацыя па-славянску», прысвечаная Году беларускай жанчыны. Аматары танцаў маглі наведаць майстар-клас па парных-бытавых танцах з удзельнікамі народнага калектыву аматараў танца «Асалода». Шквал аплвдысментаў атрымалі госці фестывалю: калектывы аматарскай творчасці нясвіжскага раёна і гурт “Зара-зарніца” з горада Мінска, які ўразіў прысутных песнямі і танцамі пад дуду.
Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне



Па выніках фестывалю журы вызначыла пераможцаў у розных намінацыях. Слуцкі раён годна прадставіў Квасыніцкі цэнтр рамёстваў дзяржаўнай установы культуры “Слуцкі раённы цэнтар народнай творчасці”, дэлегацыю якога ўзначаліла загадчык цэнтра Наталля Матусевіч. Па выніках фестывалю калектыў быў узнагароджаны дыпломам Гран-Пры за высокі ўзровень майстэрства і адданасць справе захавання народных мастацкіх традыцый. Лаурэатам I ступені стаў Морацкі раённы цэнтар рамёстваў дзяржаўнай установы “Клецкі раённы цэнтр культуры”, Лаурэатам II ступені з’яўляецца Семежаўскі раённы цэнтр ткацтва дзяржаўнай установы “Капыльскі раённы цэнтар культуры” і Лаурэатам III стаў народны калектыў “Скарбніца” дзяржаўнай установы “Валожынскі раённы цэнтар культуры”. Свае лепшыя работы прадставілі народныя майстры Рэспублікі Беларусь: Таццяна Лістапад, Аляксандар Іванейчык, Вольга Пілецкая, Таццяна Волкава, Ларыса Рамановіч, а таксама майстры Наталля Гарбацэвіч і Таццяна Варонава.
Завяршэнне свята










«Кірмаш рамёстваў» ужо стаў добрай традыцыяй Міншчыны, штогод збіраючы таленавітых майстроў з розных раёнаў вобласці. Такія сустрэчы дапамагаюць захоўваць унікальныя рамесныя традыцыі, натхняюць новае пакаленне майстроў і нагадваюць, што сапраўднае народнае мастацтва працягвае жыць дзякуючы людзям, якія ўкладваюць у кожную работу часцінку сваёй душы.






Да новых сустрэч на V рэгіянальным фестывалі-кірмашы традыцыйных мастацкіх рамёстваў «Кірмаш рамёстваў»!
























