
29 сакавіка 2026 года на пляцоўцы раённага цэнтра культуры сабраліся больш за дзвесце атлетаў з усёй Беларусі, каб прыняць удзел у рэспубліканскіх лёгкаатлетычных спаборніцтвах «Гуканне вясны». Свята спорту і народных традыцый аб’яднала ўдзельнікаў і гасцей, стварыўшы атмасферу сапраўднага вясновага абаўлення.
Урачыстае адкрыццё пачалося з прывітальнага слова старшыні Клецкага раённага савета дэпутатаў Наталлі Мікалаеўны Сухавей, якая падкрэсліла значэнне спаборніцтваў у развіцці лёгкай атлетыкі і фарміраванні здаровага ладу жыцця. Галоўны суддзя спаборніцтваў, вядучы спецыяліст Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Сяргей Аляксандравіч Зыкаў даў старт забегам на дыстанцыі 5,5 км і 11 км.
Асаблівым момантам свята стаў «Прыгожы забег», прысвечаны Году беларускай жанчыны. Удзельніцы падарылі гледачам лёгкасць, грацыю і натхненне. Вынікам аматарскага забегу стала цырымонія ўзнагароджання.
Спартыўная частка праграмы спалучалася з багатым культурным блокам. Для гасцей выступалі народны ансамбль народнай песні «Весялуха», ансамбль народнай песні «Лазінка», народны ансамбль «Бацькаўшчына», узорны ансамбль «Марачаначка», вакальныя калектывы і салісты устаноў культуры. Не забылі ў дзень свята і пра самых маленькіх гледачоў, для іх была падрыхтавана гульнёвая праграма «У нашых варот – вясновы карагод», якая сабрала шмат юных удзельнікаў.
Завяршэннем спаборніцтваў стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. Асобным гонарам для Клеччыны стаў удзел ва ўзнагароджанні шматразовай чэмпіёнкі Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод ветэранаў Надзеі Дзям’янаўны Салата, якая з’яўляецца прыкладам стойкасці і спартыўнай годнасці для маладога пакалення.
Свята прайшло ў цёплай, сяброўскай атмасферы, аб’яднаўшы спартсменаў, артыстаў і гасцей. Арганізатары выказалі ўдзячнасць удзельнікам, гледачам і запрасілі на новыя спартыўныя старты.


























































